Архіў навін

16.02.26

Тыдзень роднай мовы стартаваў з экскурсіі ў музей «Беларускі народ — працавіты!»

16 лютага ў нашай школе ўрачыста распачаўся Тыдзень роднай мовы «З любоўю да роднага слова». Першы дзень прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску» і запомніўся яркай падзеяй — экскурсіяй у школьны музей «Беларускі народ — працавіты!».

  Арганізатарамі і вядучымі мерапрыемства выступілі кіраўнік метадычнага аб'яднання настаўнікаў-прадметнікаў Яўдакімава Алена Мікалаеўна і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Марціновіч Алена Генадзьеўна.

  Вучні з цікавасцю зазірнулі ў мінулае і пазнаёміліся з жыццём і побытам сваіх продкаў. Экспазіцыя музея сабрала сапраўдныя скарбы народнага побыту: старажытны посуд, прылады працы, тканыя ручнікі, народны строй і іншыя прадметы, якімі карысталіся нашы прабабулі і прадзядулі.

  Алена Мікалаеўна і Алена Генадзьеўна расказалі дзецям, як працавалі і адпачывалі беларусы, якія рамёствы былі самымі паважанымі, і як умелыя рукі простых людзей стваралі сапраўдную прыгажосць. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікалі прасніца, керамічны посуд і прылады для апрацоўкі лёну.

  «Вельмі важна, каб дзеці ведалі свае карані і паважалі працу продкаў, — адзначыла Алена Мікалаеўна Яўдакімава. — Менавіта праз такія экскурсіі фарміруецца любоў да роднай зямлі і разуменне нацыянальнага характару».

  Алена Генадзьеўна Марціновіч дадала: «Тыдзень роднай мовы пачынаецца з пагружэння ў культуру і побыт. Калі дзіця бачыць, як жылі яго продкі, яно іначай успрымае і мову, на якой яны гаварылі. Гэта жывая сувязь пакаленняў».

   Наведванне музея стала выдатным пачаткам Тыдня роднай мовы. Яно нагадала ўсім: каб любіць сваю мову, трэба ведаць і разумець жыццё тых, хто гаварыў на ёй стагоддзі таму.

  Тыдзень толькі пачынаецца!
У аўторак  нас чакае акцыя «Літаратурная гасцеўня» і кніжная выстава «Гучы, матчына мова». Далучайцеся і адкрывайце роднае слова разам з намі!

    

Раздзелы сайта